Аўраамій Смаленскі (канец XII ст. пач. XIII ст.)
Аўраамій Смаленскі - беларускі асветнік, рэлігійны i грамадскі дзеяч, мастак. У канцы XII - пачатку XIII ст. меў добрыя сувязі і карыстаўся вялікім аўтарытэтам насельніцтва зямель сучаснай Беларусі. Людзі прыходзілі да яго, каб паслухаць павучальныя словы і суцяшэнне ад скрухі. Сам ён пражыў цяжкае жыццё, пра што можна даведацца з "Жыція", напісанага каля 1240 г. яго вучнем Яфрэмам. Афанасій (так назвалі будучага асветніка ў дзяцінстве) быў доўгачаканым сынам: да гэтага маці нарадзіла 12 дачок. З дзяцінства ён рос набожным, наведваў царкву і меў магчымасць вучыцца па кнігах. Бацькі спадзяваліся, што іх адзіны сын возьме шлюб і будзе прадаўжальнікам заможнага роду, але той прагнуў іншага жыцця. Пасля смерці бацькоў, раздаўшы ўсю маёмасць манастырам, цэрквам ды бедным, ён хадзіў па горадзе, апрануты ў рыззё і маліў Бога указаць шлях уратавання.
Рана пайшоў ён у манастыр (Прасвятой Багародзіцы пад Смаленскам), дзе праявіў вялікія здольнасці ў вучобе. Выконваючы ў ім розныя паслушэнствы, прападобны старанна займаўся перапісваннем ды збіраннем кніг, здабываючы сабе духоўнае багацце. Кожны дзень ён служыў літургію і выконваў паслушэнства духаўніка браціі і міранаў. Хутка прападобны стаў шырока вядомым. Спачатку ігумен цешыўся яго поспехамі ў мудрым тлумачэнні Бібліі, а затым стаў зайздросціць, дакараць і ганьбіць. У след за кіраўніком яго зневажалі і манахі, але Аўраамій пакорліва пераносіў папрокі, насмешкі, кпіны. Неўзабаве ён вымушаны быў перасяліцца ў бедны Крыжаўздзвіжанскі манастыр у Смаленску. Там яго асветніцкая дзейнасць карысталася папулярнасцю, таму што ён тлумачыў незразумелыя месцы Пісання проста і ясна. На ахвяраванні багамольцаў ён аздабляў саборны храм беднага манастыра іконамі, завесамі і свечкамі. Сам ён напісаў дзве іконы на самыя хвалюючыя для яго тэмы: аб Страшным судзе і аб пакутах за грахі.
Праціўнікі выклікалі Аўраамія на дыспуты, каб даказаць яго слабасць у багаслоўі, але ён заўсёды выходзіў пераможцам. За "памылковае" тлумачэнне Бібліі Аўраамій пяць гадоў зневажаўся як ерэтык. Падбухтораны нядобразычліўцамі, натоўп стаў патрабаваць суда над ім. Аўрамія абвінавацілі ў ерасі i распаўсюджванні забароненых кніг, а таксама ў спакушэнні жанчын i пераманьванні духоўных дзяцей. Сабраліся святары, ігумены, дзячкі, прыбыў і сам князь Мсціслаў Раманавіч для правядзення суда. Лука Прусін папярэдзіў народ аб непазбежнасці кары нябеснай за гэтае судзілішча, але да яго заклікаў аб раскаянні не захацелі нават прыслухацца. Епіскап смаленскі Ігнацій забараніў Аўраамію размаўляць з народам і адправіў у ссылку ў Селішчанскі манастыр. У тое лета Смаленшчыну спасцігла страшэнная засуха. Маленні епіскапа не прынеслі поспехаў, і толькі па малітве Аўраамія засмяглая зямля была паліта доўгачаканым дажджом. Пасля гэтага ён быў рэабілітаваны і прызначаны ігуменам Багародзіцкага манастыра.
Памёр ён да 1224, пражыўшы ў манастве 50 гадоў. Пасля смерці, як i пры жыцці, Аўрамія шанавалі смаляне як нястомнага прапаведніка рэлігійнага пакаяння i непазбежнасці страшнага суда. За актыўнае прапаведаванне хрысціянства i ўзорнае жыццё праваслаўная царква кананізавала яго.