Ззянне Сафійскага святла захапіла ўдзельнікаў незвычайнага свята, якое арганізаваў калектыў СШ №2 г. Мікашэвічы пры актыўным удзеле раённага краязнаўчага музея.
Дырэктар Наталля Благадзёрава ўдзячна ўсім, хто падтрымаў праваслаўны сацыякультурны праект “Гасподзь благаславіць народ свой мірам”. – Выяздны семінар прысвяцілі двум юбілеям, – адзначыла Наталля Барысаўна, – агульнаславянскаму – гэта 1000-годдзе роўнаапостальнага вялікага князя Ўладзіміра, хрысціцеля Русі, і нацыянальна-мясцоваму – 390-годдзе стварэння Дзятлавіцкага Нова-Пячэрскага Спаса-Прэабражэнскага мужчынскага манастыра, які ў свой час быў багацейшым у Мінскай епархіі. Адтуль запрасілі гасцей – хоры клірасны і нядзельнай школы прыходу храма праведнай Сафіі Слуцкай г. Мінска, сталічных пісьменнікаў і паэтаў. Разам з мікашэвічскімі школьнікамі, удзельнікамі святочнай сустрэчы сталі многія лунінчане, пераважна – прыхаджане нашага храма.
Была прадстаўлена яшчэ адна значная дата – 70-годдзе Вялікай Перамогі. Юныя і дарослыя гледачы не хавалі хвалявання пры праглядзе відэакліпа аб аўтапрабегу, прысвечаным сёлетняй галоўнай падзеі ваеннай гісторыі. Наогул праграма, падрыхтаваная нашымі землякамі, адпавядала высокаму ўзроўню выступлення сталічных гасцей. Так лічыць старшыня раённага савета ветэранаў педагагічнай працы Наталля Іванаўна Казанкова: – Выставу старажытных ікон “Выратаваныя каштоўнасці” з фондаў краязнаўчага музея цікава прадставіла яго супрацоўніца Ірына Леанідаўна Брэзіна. Юныя артысты школы на “выдатна” сыгралі свае ролі ў інсцэніровцы “Стварэнне свету”, якую паставіла настаўніца пачатковых класаў Алена Уладзіміраўна Баган. Сваёй усмешкай усіх зачаравала 4-класніца Настачка Чарнавокая! Радаснымі эмоцыямі перапоўнена бібліятэкар гімназіі г. Лунінца Ірына Пятроўна Раманчук: – ў руках Вольгі Аляксееўны Белавус прагучала скрыпка, раздаліся воклічы: “Брава!”. Безумоўна, дырэктар дзіцячай школы мастацтваў і ў аркестрах, і сола заўсёды выступае цудоўна. Шчаслівая чарговай сустрэчай з рэдактарам газеты “Воскресение” Аленай Міхаленка. Вядомая паэтка, пісьменнік, журналіст працуе настаўнікам СШ №131 г.Мінска. Вершы і казкі ў яе выкананні вучаць усвядомленай нашым пакаленнем ісціне: які чалавек – такім ён успрымае і свет… У маёй душы доўга будуць гучаць спевы хораў храма святой Сафіі Слуцкай. Прыемнымі жаночымі галасамі ўражваюць многія калектывы, а тут дадалася прыгажосць і моц мужчынскіх. Калі ж вядучыя прадстаўлялі, што ўсе спевакі – людзі звычайных прафесій, а клірасу аддаюць вольны час, што ў іх мнагадзетныя сем’і, – вочы ўвільгатняліся слязамі… Шчырымі ўражаннямі падзялілася намеснік дырэктара СШ №2 г. Лунінца Наталля Вітальеўна Бойка: – Кожнае імгненне сустрэчы адлюстроўвала вялікую карпатлівую працу і гаспадароў, і гасцей. Але гэта было сапраўды перадкаляднае свята. У актавай зале зіхацела рознакаляровымі агнямі вялікая ёлка. Галоўнымі гледачамі былі малодшакласнікі. Менавіта да дзяцей звярталіся госці. І педагог гімназіі №2 г. Пінска Ганна Анатольеўна Свірыдэнка, якая ў гульнявой форме правяла псіхалагічны трэнінг. І мінчане, якія нават паклапаціліся пра цукеркі кожнаму вучню. Як важна расказаць дзецям аб цудзе Нараджэння Хрыстова! І гэта ўдалося арганізатарам праграмы, якая адпавядала сваёй назве: “Святло, што ў табе…”.
Настаўніца СШ №2 г. Мікашэвічы Наталля Іванаўна Баброўнік расказала, што мінчанам паказалі і мясцовыя славутасці. Госці былі ўражаны кар’ерам РУВП “Граніт”. Сустрэча завяршылася наведваннем царквы Нараджэння Прадцечы і Хрысціцеля Гасподняга Іаана. Хор прыхода праведнай Сафіі Слуцкай прагучаў пад скляпеннямі мікашэвіцкага храма, што расчуліла настаяцеля. Протаіерэй Сцяфан Масяйчук выказаў удзячнасць творчым прыхільнікам праваслаўя і благаславіў іх на новыя стваральныя справы.